Вялікае княства Літоўскае ў XV – першай пал. XVI ст.
Загрузить карту: 707 kb
Карта адлюстроўвае гісторыю ВКЛ – сярэдневяковай беларуска-
літоўскай дзяржавы - у перыяд з часу панавання вялікага князя Вітаўта (1392 -
1430) да сярэдзіны XVI ст. Першая частка гэтага перыяду была часам
найбольшага тэрытарыяльнага пашырэня ВКЛ і яго знешнепалітычнай вагі. З
канца XV ст. (прыкладна з 1485 г.) пераважаў працэс страты ВКЛ сваіх
тэрыторый, асабліва на карысць Вялікага княства Маскоўскага, якое ў 1547 г.
было абвешчана Рускім царствам. Улічваючы важнасць процістаяння ВКЛ і
Масквы як двух цэнтраў аб'яднання старажытнарускіх земляў, на карце
адлюстраваны і працэс пашырэння Вялікага княства Маскоўскага.
Большую частку азначанага перыяду ВКЛ знаходзілася ў стане
дынастычнай уніі з Польскім каралеўствам, пачатак якой быў пакладзены ў 1386
г. (Крэўская унія). Яе ўмовы былі пацверджаны і замацаваны актамі 1401, 1413,
1444, 1501 гг.
На карце паказаны асноўныя змены знешніх межаў ВКЛ, галоўныя
ваенныя падзеі, а таксама ўнутраная структура дзяржавы у другой палове XV ст.
На той час у ВКЛ існавалі тры катэгорыі зямельных уладанняў: намесніцтвы,
непасрэдна падпарадкаваныя вялікаму князю (у тым ліку Віленскае і Троцкае
ваяводствы, утвораныя ў 1413 г.); землі-намесніцтвы, якія карысталіся
аўтаноміяй на падставе так званых "земскіх" прывілеяў; удзелы родзічаў
вялікага князя (Гедымінавічаў) і іншых княжацкіх родаў, уладальнікі якіх
знаходзіліся ў асабістай васальнай залежнасці. Трэба ўлічваць, што стан гэтых
трох катэгорый не быў нязменным. Часам удзельныя княствы ператвараліся ў
намесніцтвы, і наадварот. На пачатку панавання Вітаўта былі скасаваны
Полацкі, Віцебскі, Кіеўскі ўдзелы, у 1406 г. – Новагародскі (у 1428 – 1448 гг. ён
быў часова адноўлены для жонкі Вітаўта Ульяны). Кіеўскае намесніцтва з 1440
да 1470 г. зноў часова было ўдзельным княствам. На тэрыторыі Валыні у 1440 -
1452 гг. таксама часова існавала Луцкае княства. Тураўскае ўдзельнае княства
існавала да 1452 г., пазней стала намесніцтвам. Некаторыя тэрыторыі большасць
часу знаходзіліся пад уладай удзельных князёў, але ў пэўныя прамежкі часу
станавіліся намесніцтвамі. Так адбылося з Чарнігава-Старадубскім і Бранскім
княствамі у 1430 – 1446 гг., з Ноўгарад-Северскім – у 1430 – 1454 гг.
Мсціслаўскае княства было ліквідавана ў 1486 г. і адноўлена ў паменьшаных
памерах у 1499 г., Бранскае з 1487 г. ператварылася ў намесніцтва.
Важнай адметнасцю гэтага часу было набыццё некаторымі гарадамі
самакіравання, галоўным чынам паводле так званага Магдэбургскага права, што
было абумоўлена шчыльнымі гандлёвымі, культурнымі і палітычнымі сувязямі з
Заходняй Еўропай. На карце пазначаны даты атрымання Магжэбургскага права (
у некаторых выпадках яны высвятляюцца паводле ўскосных звестак).
Асноўная інфармацыя, выкарыстаная пры стварэні карты, абагульнена
ў працах М. Любаўскага: Любавский М. К. Областное деление и местное
управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого
Литовского статута. – М., 1892; Любавский М. К. Очерк истории Литовско-
Русского государства до Люблинской унии включительно. – М., 1915.
Выкарыстоўваліся таксама звесткі аб княжацкіх уладаннях, сабраныя Ю.
Вольфам: Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. -
Warszawa, 1895. Пэўныя ўдакладненні межаў асобных валасцей рабіліся на
падставе дакументаў Метрыкі ВКЛ і іншых першакрыніц.
|