Своеасаблівасцю ранніх
этапаў гісторыі ВКЛ з’яўляецца параўнальная нешматлікасць дакументальных
сведчанняў, асноўны масіў якіх быў уведзены ў навуковы ўжытак яшчэ ў ХІХ ст., і
разам з тым вялізная колькасць тлумачэнняў і інтэрпрэтацый. Высновы, да якіх
прыходзяць даследчыкі, часам аказваюцца супрацьлеглымі. Гэта адбываецца не
столькі таму, што наяўных фактаў недастаткова для адназначных высноў, колькі з
прычыны няпоўнага іх уліку. Адстойваючы тую ці іншую канцэпцыю, аўтары схільныя
да недаацэнкі, а то і да поўнага ігнаравання тых фактаў, якія не вельмі
стасуюцца з іх пазіцыяй. Таму аргументы, якія выкарыстоўваюцца для
падмацоўвання той ці іншай канцэпцыі, уяўляюць сабой мноствы, якія перасякаюцца
толькі часткова.
Галоўнай задачай на
сёння застаецца адсячэнне тых канцэпцый, якія несумненна супярэчаць фактам –
незалежна ад таго, які ідэалагічны груз нясуць гэтыя канцэпцыі і як яны
ўпісваюцца ў сучасную кан’юнктуру. Ва многіх выпадках чыстыя факты, сабраныя разам
без адвольнай фільтрацыі, гавораць самі за сябе і не патрабуюць складаных
тлумачэнняў. Але некаторыя моманты невідавочныя і патрабуюць пэўнай
рэканструкцыі, з прыцягненнем не толькі логікі, але і інтуіцыі. Такая
інтэрпрэтацыя не можа не насіць суб’ектыўнага характару. Усё ж здаецца, што
наконт агульнага зместу працэсаў, якія адбываліся ва Усходняй Еўропе ў ХIII–XIV
стагоддзях, зараз ужо можна прыйсці да пэўнага кансенсусу.
Этнічная і геаграфічная
тэрміналогія
У вачах сучаснікаў
дзяржава, вядомая пад скарочанай назвай «Вялікае княства Літоўскае» ці
абрэвіятурай ВКЛ, складалася з двух галоўных кампанентаў – Літвы і Русі.
Тытулатуры «дзедзіч Літвы і Русі», «Вялікае княства Літоўскае і Рускае» і да
т.п. дакументальна зафіксаваны ў першай палове XIV ст., пры Гедыміне,[1] хаця
ўзніклі, магчыма, раней. Неабходна перш за ўсё вызначыцца з этнічнай
тэрміналогіяй. Хоць гэта і рабілася неаднаразова, шэраг пытанняў тым не менш
застаецца.
У калянавуковых колах
Беларусі даволі пашырана думка аб тым, што гістарычная назва «Літва» не мела
дачынення да продкаў сучасных літоўцаў, а тычылася альбо цалкам аславяненай
(хоць і зыходна балцкай) тэрыторыі,[2] альбо
ўвогуле этнасу славянскага паходжання.[3] Дзякуючы
падбору фактаў, адвольна вышмаргнутых з агульнага кантэксту, такія версіі
робяць уражанне на недасведчаных чытачоў. Але аб тым, што мова тагачасных
літоўцаў была незразумелай рускім, непасрэдна згадваецца ў «Аповесці мінулых
гадоў» (Літва аднесена да «иных языков»)[4] і ў
Валынскім (Іпацьеўскім) летапісе пад 1255 г., калі літоўцы ў войску Рамана
Данілавіча «по своискы рекоуще Янда, взъıвающе богы своя Андая и Дивирикса и вся
богы своя поминающе»[5].Тое, што гэтая мова належала менавіта да балцкіх і
была амаль тоесная жамойцкай («адна і тая ж мова і адны і тыя ж людзі»),
вызначаецца ў лісце Вітаўта да імператара Сігізмунда ў 1420 г.[6] У другой
палове XV ст. аб гэтым жа пісаў польскі храніст Ян Длугаш, адзначаючы ў мове як
літоўцаў, так і жамойтаў («самагітаў») аднолькавыя рысы, якія прыпісваў іх
лацінскаму паходжанню (магчыма, меліся на ўвазе характэрныя канчаткі на –ас).
Крыху далей ён пісаў, што «літоўцы, самагіты і яцьвінгі, хаця і мелі розныя
найменні і падзяляліся на многа родаў, утваралі тым не менш агульнае цэлае».[7]
На пачатку XIII ст.
назва «Літва» ахоплівала шэраг княстваў на чале з самастойнымі дынастыямі,
сярод якіх адна дынастыя лічылася «старшай». Прадстаўнікі ўсіх гэтых дынастый,
пералічаныя ў Валынскім летапісе пад 1219 г., названы «літоўскімі князямі», што
дазваляе акрэсліць агульны абшар, на які пашыралася назва «Літва». Непасрэдна
названы два пляменныя княствы, уладары якіх дзейнічалі сумесна са «старэйшымі»:
Жамойць і Дзевалтва (Дзяволтва). Апрача таго, дзве княжацкія дынастыі,
Рушкавічы і Булевічы, прыгаданы без пазначэння іх уладанняў.
У іншых крыніцах XIII ст. неаднаразова прыгадваецца геаграфічная вобласць Нальшчаны. Двойчы яна
ўпамінаецца ў «Ліфляндскай рыфмаванай хроніцы»: каля 1228 г. (Alsen у складзе Літвы) і ў 1250 г.
(Nalsen асобна ад Літвы).[8] У
падробленай грамаце Міндоўга 1260 г. (як лічыцца, подпісы на ёй захаваліся з
сапраўднага прататыпу) прыгадваецца яго родзіч Гердзень Нальшчанскі (Gerdine de Naise).[9] У
Валынскім летапісе Нальшчаны прыгадваюцца пад 1260 і пад 1264 г.,[10] а ў 1268
г. пад пратэктарат рыжскага архібіскупа перайшоў літоўскі нобіль Суксе «de provincia Nalsen».[11] У
дакуменце рыжскага архіепіскапа ў 1254 г.прыгадваецца
таксама зямля Упіта («terra Opiten»), сумежная з Земгаліяй,[12] а ў
вышэйзгаданай грамаце Міндоўга 1260 г. сярод яго родзічаў названы «Parbuse de Nere».[13] Гэтая
Нера, магчыма, была іншым варыянтам назвы Дзевалтвы (невядомай крыжацкім
крыніцам) і паходзіла ад літоўскай назвы р. Віліі – Нярыс (Вілію ўпамінае як «fluvio Nare» Петр
з Дусбурга).
Разам з тым у напісанай
прыблізна ў 1225–1227 гг. хроніцы Герныха Латвійскага[15] пры
апісанні паддзей 1210-х гг. не згадваюцца ні Жамойць, ні Нальшчаны і Дзевалтва,
якія павінны былі непасрэдна межаваць з уладаннямі крыжакоў, а толькі Літва.
Гэтак жа «Ліфляндская рыфмаваная хроніка», прыгадваючы асноўныя балцкія народы
і землі, побач з куршамі, селамі, земгаламі і інш. называе адну Літву.[16] Гэта можа
сведчыць аб тым, што палітычнае аб’яднанне паўсамастойных княстваў было ўжо
даволі моцным, альбо аб тым, што не менш моцнай была этнічная самасвядомасць,
якая аб’ядноўвала іх усе.
У сярэдзіне XIII ст. існаваў яшчэ адзін сэнс назвы
«Літва». У больш вузкім сэнсе яна адносілася толькі да непасрэдных уладанняў
Міндоўга (родавай вотчыны старшай дынастыі?) і знаходзілася недзе на поўдзень
ад Нальшчанскай зямлі, бо праз апошнюю ішоў паход ліфляндскага ландмайстра на «Літву» ў 1250 г.[17] У 1258 г.
татары пры руху з поўдня паслядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую»,
а ў 1264 г. з бацькоўскай Літвы рушыў на скарэнне мяцежных Нальшчан і Дзевалтвы
сын Міндоўга Войшалк.[18] Гэта было,
здаецца, апошняе ўпамінанне Літвы ў вузкім сэнсе. Верагодна, пасля паходу
Войшалка Нальшчаны, Дзевалтва і, магчыма, Упіта трапілі пад непасрэдны кантроль
вялікага князя і страцілі палітычную адметнасць, атрымаўшы той жа статус, што і
родавая вотчына Міндоўга.
Жамойць у ходзе гэтых падзей захавала пэўны ўзровень
самакіравання, што прывяло ў далейшым да яе трывалага супрацьпастаўлення Літве.
Выраз «літоўцы і жамойты» (Littoven und Sameiten) сустракаецца ў «Ліфляндскай рыфмаванай хроніцы» ўпершыню пры апісанні
падзей 1250-х гг.[19] – незадоўга
да таго, як Жамойць выступіла супраць Міндоўга, а той адмовіўся
ад яе на карысць Ліфляндскага ордэна. Крыху пазней такое ж адрозненне пачынае
сустракацца і ў рускіх летапісах: У паходзе на Рыгу ў 1286 г.
удзельнічалі «Литва вся и Жемоть вся».[20] Адрозненне Літвы ад Жамойці сустракаецца ў летапісах і пазней. Так, у
паходзе Альгерда на Пераяслаў у 1373 г. удзельнічалі «Литва и Ляхи и Жемоть».[21]
Астатнія землі з канца XIII ст. альбо разглядаліся
проста як часткі «Літвы», альбо паглыналіся абагульняючым тэрмінам «Аўкштота»,
які меў, здаецца, літаратурны характар і самімі жыхарамі не ўжываўся. Супрацьпастаўленне Жамойці і Аўкштоты як
дзвюх частак уладанняў «літоўскага караля» упершыню ўжыта Пятром з Дусбурга
(пры апісанні дзеянняў камтура Людвіга фон Лібенцэля ў 1294–1300 гг.),[22] а затым у
дагаворы вялікага князя Гедыміна з Рыжскім магістратам у 1323 г.[23] Паход крыжакоў у 1373 г.,
паводле Германа з Вартберга, быў накіраваны «супраць літоўцаў у зямлю Аўкштота» (contra Letwinos in terram Austheiten).[24]
Часам гэта інтэрпрэтуюць у тым сэнсе, што Жамойць і Аўкштота ўтваралі асобныя
землі побач з уласна Літвой. Больш верагодна, аднак, што ў тагачасных уяўленнях
этнічная Літва складалася з дзвюх частак: Жамойці і Аўкштоты (з якіх апошняя магла
называцца «Літвой» у больш вузкім сэнсе). Гэта відавочна меў на ўвазе вялікі
князь Вітаўт, калі ў 1420 г. у лісце да імператара Сігізмунда прывёў шырока
пашыраную ў далейшым інтэрпрэтацыю абедзвюх геаграфічных назваў: «Дзеля таго,
што Жамойць ляжыць ніжэй за Літву (па цячэнні Нёмана – В.Н.), яна і называецца
Жамойцю, што азначае па-літоўску «ніжэйшая зямля». А на Жамойці Літву называюць
Аўкштотай, што значыць «вышэйшая зямля» ў параўнанні з самой Жамойцю.»[25]
Аб паглынанні тэрмінам «Аўкштота» колішняй Дзевалтвы
выразна сведчаць звесткі Германа з Вартберга. У складзе Аўкштоты ці «вышэйшай
зямлі Літвы» ў 1367, 1373 і 1374 гг. ён упамінае землі Нерге (гл. заўвагу 14) і
Жэймы, а таксама асобныя паселішчы на верагодных абшарах Дзевалтвы: Вількамір,
Ворлава, Шаты. Ён жа ў 1375 прыгадвае ў «зямлі літоўцаў» шэраг паселішчаў на
тым абшары, дзе раней мусілі знаходзіцца Нальшчаны (Больнікі, Дубінкі,
Гедройці, Малаты, Таўрагіні, Уцяна, Шашолы).[26]
Такім чынам, абшар Літвы ў шырокім сэнсе, залежнай ад
дынастыі «старшых князёў», у сукупнасці займаў асноўную частку тэрыторыі
сённяшняй Літоўскай Рэспублікі[27] і
прылеглыя тэрыторыі Беларусі (да возера Свір, правабярэжжа нёманскай Бярэзіны і
ваколіц Ліды). Ён добра акрэсліваецца з дапамогай археалогіі.[28] Тэрыторыі Нальшчан і Дзевалтвы ў цэлым
супадаюць з паўночнай (завілейскай) часткай арэалу курганоў ўсходнелітоўскага
тыпу (Аўкштайцкае і Свянцянскае ўзвышшы). «Літоўская зямля» ў вузкім сэнсе,
напэўна, ахоплівала паўднёвую частку таго ж арэалу (Дзукскае узвышша і
большасць Ашмянскай грады, прыкладна ў межах чатырохкутніка Коўна – возера Свір
– Ліда – Мерач).[29]
Тэрыторыя Жамойці і Упіты супадае з арэалам грунтовых могільнікаў цэнтральнай і
заходняй Літвы. Пры гэтым Жамойці адпавядае раён могільнікаў з трупапакладаннем
на Жамойцкім ўзвышшы (воласці Крожэ, Лукава, Расіены і інш., вядомыя з граматы
Міндоўга 1253 г.[30]), а Упіта займала паўночную зону могільнікаў з
трупаспаленнем на абшарах Сярэднелітоўскай нізіны, у парэччы р. Нявешы. Цяжка
сказаць, куды адносілася ў той час паўднёвая частка могільнікаў з
трупаспаленнем (воласці Эйрагола і Бетыгола, згаданыя ў той жа грамаце 1253
г.), але ў больш познія часы яны бясспрэчна належалі да Жамойці[31] (у сувязі
з гэтым няўдалым уяўляецца прынятае шэрагам археолагаў вызначэнне помнікаў з
трупаспаленнем як могільнікаў «аўкштайцкага тыпу»).
Як для грунтовых, так і для курганных пахаванняў у канцы
XII–XIII ст. прасочваецца шэраг агульных рыс, у тым ліку рытуальнае пахаванне
коней разам з нябожчыкам ці яго попелам. Абрад гэты быў тыповым для літоўцаў
ажно да часу іх хрышчэння – паводле яго быў пахаваны вялікі князь Альгерд у
1377 г.[32] Разам з
тым даныя археалогіі сведчаць, што дзве часткі арэалу Літвы мелі істотна розныя
пахавальныя звычаі і іншыя адметнасці, якія тлумачацца розніцай у этнічных
працэсах папярэдніх часоў. Такім чынам,
|