Міндоўг, Мендог (1195? - 1263), заснавальнік і першы вял. кн. ВКЛ. Паводле крыжацкіх крыніц, быў сынам аднаго з вярхоўных уладароў Літвы пач. 13 ст. (магчыма - Даўгерда, неаднаразова ўпамянутага ў хроніцы Генрыха Латвійскага).
Упершыню ўпамінаецца разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых
князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор 1219 з Уладзіміра-Валынскім княствм. Да сярэдзіны 1230-х гг. дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў Літве
або значнай яе частцы. У 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных ці васальных
адносінах з кн. галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам, які выкарыстоўваў яе ваенную моц супраць кн. Конрада Мазавецкага. У 1245 М. зноў дапамагаў Данілу ў яго борацьбе з прэтэндэнтамі на Галіцка-Валынскае княства.
Неўзабаве ён далучыў да сваіх уладанняў Наваградскую зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе
(17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. у праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1248 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла
Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэтую небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя стасункі з Рымам, у кан. 1250 ці пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1253 каранаваўся ў Новагародку каралеўскай каронай, якую даслаў рымскі папа Інакенцій
IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хаця ён
быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману - Новагародак (на
ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў дачку за Шварна, другога
сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў накіраваны сумесны паход татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Новагародскай зямлёй. У 1261
ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго
князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, гальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.
Літ.: Maleczyński K. W
sprawie autentyczności dokumentów
Mendoga z lat 1253-1261 // Ateneum Wileńskie. Wilno, 1936. R.11;
Пашуто В.Т. Образование Литовского
государства. М., 1959; Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага:
Падзеі і асобы. Мн., 1993; Gudavičius E. Mindaugas. – Vilnius: Žara,
1998; Міндаў, кароль Літовіі, у дакументах і сведчаннях. Мн., 2005;
Mindaugo knyga: Istorijos
šaltinai apie Lietuvos karalių. Vilnius, 2005.
|